Ці адкажа «СБ. Беларусь сегодня» за «Анархию — мать...»

У судзе Савецкага раёна Мінска адбылося папярэдняе пасяджэнне паводле пазову Мікалая Дзядка да рэдакцыі газеты «СБ. Беларусь сегодня» аб абароне гонару і годнасці, а таксама кампенсацыі маральнай шкоды за распаўсюд хлуслівай інфармацыі.

dziadok_suprac_sb_liava_1_logo.jpg


З боку «СБ. Беларусь сегодня» прысутнічалі аўтар скандальнага матэрыялу, размешчанага на сайце выдання спецкарэспандэнт Андрэй Мукавозчык і рэдактар юрыдычнага аддзелу Аляксей Шпілеўскі. Пазоў Мікалая Дзядка дапамагала падтрымаць адвакатка Наталля Мацкевіч. Вёў слуханні суддзя Дзмітры Жданок.

Нагодай для звароту ў суд стаў артыкул Андрэя Мукавозчыка «Анархия — мать...», апублікаваны на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня». У тым артыкуле Мукавозчык параўнаў Дзядка з тэрарыстамі і абвінаваціў у тым, што ён закідваў пасольства Расійскай Федэрацыі кактэйлямі Молатава (у прысудзе Дзядка ад 2011 года такое абвінавачанне адсутнічала).

«Мне нават не прад’яўлялася абвінавачванне па эпізодах, апісаных у «СБ». Публікацыя, у якой згадваецца маё імя у кантэксце тэрарыстычнай дзейнасці, шырока разышлася, а падрабязнасці пра мой прысуд публіцы невядомыя», — адзначыў Дзядок. Паводле яго слоў яго асудзілі за «злоснае хуліганства», абвінавачвалі у арганізацыі шэсця каля Генштаба, і сімвалічнай атацы на казіно і Дом прафсаюзаў.

dziadok_suprac_sb_liava_3_logo.jpg


Мікалай Дзядок просіць суд прызнаць, што звесткі, шырока распаўсюджаныя праз інтэрнэт-сайт газеты «СБ Беларусь сегодня», не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць яго гонар і годнасць, абавязаць рэдакцыю газеты  і аўтара артыкула выдаліць няслушныя дадзеныя і апублікаваць на галоўнай старонцы інтэрнэт-сайта газеты абвяржэнне недакладнай інфармацыі. А таксама спагнаць на яго карысць з рэдакцыі газеты і Андрэя Мукавозчыка 10 000 беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

«Я бы папрасіў зачыніць СБ, але разумею, што гэта нерэальна і прашу кампенсацыі. Яе накірую на падвышэнне сваёй адукацыі і дапамогу ў аздараўленні сваім бацькам», — кажа Дзядок. Ён лічыць, што выданне шкодзіць грамадству, бо з’яўляецца прапагандысцкім рэсурсам і выконвае функцыю інфармацыйнай гегемоніі.

Адказчык іскавыя патрабаванні не падтрымаў. У сваіх выступах спасылаўся на іншыя сайты, якія дапусцілі публікацыю з непацверджанай інфармацыяй, прынамсі ўзгадваў інфармацыйнае агенцтва БелТА, charter97.org, расійскія рэсурсы і выказваў здзіўленне, што Дзядок не падае ў суд на іх. Таксама задаваліся пытанні не па сутнасці, адбываўся пераход на асобы, гучалі развагі не па тэме, на што неаднойчы ўказваў суддзя. Адказчык таксама паведаміў, што гатовы падрабязна на старонках сайта газеты напісаць, за што быў асуджаны Мікалай Дзядок, калі на тое будзе рашэнне суда.

Андрэй Мукавозчык у судовай залі (ля вакна)

Андрэй Мукавозчык у судовай залі (ля вакна)


Асноўнае судовае пасяджэнне па справе суддзя прызначыў на ранак 1 верасня.

«У мяне склалася ўражанне, што суддзя даволі прафесійна разглядае справу, шчыра спрабуе ва ўсім разабрацца. Які будзе вынік — прадказаць не бяруся. Відавочна, што адказчыку няма чаго запярэчыць па сутнасці. Ён увесь час спрабуе пераходзіць на асобы, узгадвае іншыя эпізоды майго пераследу і пераводзіць віну на іншыя СМІ», — падзяліўся ўражаннямі Мікалай Дзядок.

Нагадаем, Мікалай Дзядок быў затрыманы 3 верасня 2010 года. Яму было выстаўлена абвінавачанне па артыкуле 339 Крымінальнага кодэксу «хуліганства». Асуджаны судом Заводскага раёна Мінска 27 мая 2011 года на 4,5 гады зняволення паводле часткі 2 згаданага артыкула («хуліганства, учыненае групай асобаў»). Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.